САМА́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУ еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі, у сярэднім цячэнні р. Волга. Утворана 14.5.1928 як Сярэдняволжская вобл., з 1929 Сярэдняволжскі край, з 1935 Куйбышаўскі край, у 1936 Куйбышаўская вобл., з 1990 сучасная назва. Пл. 53,6 тыс. км². Нас. 3295 тыс. чал. (2000), гарадскога 81%. Цэнтр — г. Самара. Найб. гарады: Тальяці, Сызрань, Навакуйбышаўск, Чапаеўск.

Правабярэжная ч. вобласці занята Прыволжскім узв. (выш. да 315 м), якое парэзана ярамі і лагчынамі, і гарамі Жыгулі выш. да 370 м. Левабярэжжа — хвалістая раўніна, на ПнЗ размешчана Нізкае Заволжа, на ПнУ — Высокае Заволжа (Сокскія і Кінельскія Яры), на Пд і ПдУ Каменны і Сярэдні Сырт. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн), гаручыя сланцы, сера, гіпс, вапнякі, бітум, фасфарыты. Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. -13 °C, ліп. 21 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Гал. р. Волга (340 км на тэр. вобласці) утварае вял. выгін — Самарскую Луку. Прытокі Волгі: Уса, Сызрань (справа), Вял. Чарамшан, Сок, Самара, Чапаеўка, Чагра, Вял. Іргіз (злева). Куйбышаўскае і Саратаўскае вадасх. Вобласць размешчана ў лесастэпавай і стэпавай зонах. Глебы пераважна чарназёмныя (вышчалачаныя, сярэднягумусавыя і тлустыя), на правабярэжжы шэрыя і цёмна-шэрыя, на Пд цёмна-каштанавыя, месцамі саланцы. Лясы займаюць каля 12% (пераважна на правабярэжжы і ў Жыгулях). Пашыраны шыракалістыя лясы (дуб, ліпа, клён). Нац. парк Самарская Лука, Жыгулёўскі запаведнік.

Гал. галіна прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка (58,9% па кошце прадукцыі, 1999). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў, самалётаў, касм. тэхнікі, с.-г. машын, авіярухавікоў, абсталявання для аэрадромаў, нафтаздабычы, аўтарамонту, энергетыкі; станкоў, матораў, тэлевізараў, суднарамонту. Паліўна-энергет. комплекс (13,5%) прадстаўлены здабычай нафты (7,8 млн. т разам з газавым кандэнсатам, 1999), прыроднага газу, вытв-сцю электраэнергіі (25,5 млрд кВтгадз). Волжская ГЭС, Самарская ДРЭС. Развіта нафтаперапрацоўчая, нафтахім. і хім. (вытв-сць сінт. спірту і смол, фенолу, аміяку, мін. угнаенняў, палімернай плёнкі), буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, азбацэментных труб, шыферу), харч. (мукамольная, мясная, малочная, алейная), дрэваапр., у т. л. мэблевая, лёгкая (швейная, трыкат., абутковая) прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, мяса-малочнай і мяса-воўнавай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 2,2 млн. га, у т. л. збожжавыя 65%. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, проса, грэчку, авёс, з тэхн. — сланечнік, кармавыя культуры. Бульба- і агароднінаводства. Садоўніцтва. Вял. масівы арашальных зямель. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Даўж. чыгунак 1388 км, гал. Масква—Сызрань—Самара—Уфа—Чэлябінск. Чыг. вузлы: Самара, Акцябрск, Кінель, Сызрань. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7 тыс. км. Суднаходства па р. Волга. Рачныя парты: Тальяці, Жыгулёўск, Самара, Акцябрск, Сызрань. Развіты трубаправодны транспарт. Тэр. вобласці перасякае нафтаправод «Дружба». Курорт — Сергіеўскія Мінер. Воды.

т. 14, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)